сем_3[1]


Збіральніцтва
Збіральніцтва – гэта, бадай, самы старажытны занятак першабытнага насельніцтва, што паслужыў у свой час вытокам земляробства. Ен мала змяніўся на працягу тысячагоддзяў і ў сваім архаічным выглядзе захаваўся да нашага часу.
У традыцыйнай народнай гаспадарцы здаўна істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, лугавых траў (кармавых, лекавых, дэкаратыўных), караняплодаў, падсочка дрэў і нарыхтоўка раслінных сокаў, збіранне меду дзікіх пчол і шмат іншага. Кожны з гэтых відаў патрабаваў ведання мясцовай экалогіі, харчовых і лекавых якасцей тых ці іншых раслін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў першаснай апрацоўкі, кансервацыі і ўжывання.
Шчодрасць лясных дароў побач з жыллем рабіла іх даступнымі амаль для кожнага. Лясную ягаду – суніцы, чарніцы, брусніцы, буякі (дурніцы), маліны, парэчку, агрэст, ажыну – ужывалі часцей свежымі. Яны выкарыстоўваліся асобна і ў якасці састаўных кампанентаў многіх кулінарных вырабаў – пірага, варэнікаў, кісялю, кулагі, розных він і напіткаў. Значную колькасць ягад нарыхтоўвалі пра запас: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дабаўляючы прыправу; з іх рабілі таксама сокі і павідла (на медзе); чарніцы часцей сушылі; журавіны захоўвалі замарожанымі, дабаўлялі ў квашаную капусту, выпрацоўвалі з іх сокі і напіткі. Ягады каліны і рабіны збіралі позняй восенню, іх захоўвалі на гарышчах, суквецці каліны закладвалі таксама ў стажкі разам з сенам, дзе яны вылежвалі пэўны тэрмін.
У значным аб’еме назапашвалі ў лесе грушы, яблыкі, жалуды, арэхі. Грушы, як і жалуды, ссыпалі ў засекі свірнаў ці стопак, дзе яны даспявалі, сушылі ў печах. Яблыкі разразалі на скрылькі, нанізвалі на суровыя ніткі, вязанкамі сушылі на сонцы; пад восень іх закладвалі ў стажкі сена, дзе яны захоўваліся нярэдка на працягу ўсей зімы.
Прыкметнае месца ў традыцыйнай сялянскай гаспадарцы мела збіранне розных відаў грыбоў. Сярод іншых перавагу аддавалі баравікам, падасінавікам (чырвонагаловікі), у вялікай колькасці збіралі падбярозавікі (бабкі, абабкі), махавікі, маслякі (казлякі), лісічкі, апенькі, рыжыкі, зяленкі, ваўнянкі. З мухамораў рабілі атруту для насякомых. Большасць грыбоў ужывалі свежымі (смажанымі ці варанымі), значую частку закладвалі ў кадушкі на засол; баравікі падасінавікі, абабкі сушылі пра запас. Сушаныя грыбы і ягады беларускія сяляне збывалі на мясцовых кірмашах, прадавалі скупшчыкам, якія развозілі іх далека за межы Беларусі, асабліва ў стэпавыя раены Украіны.
Пераважна вясной і ў пачатку лета, калі буяла маладая флора, шырока ўжывалі ў ежу лугавыя шчаўе і цыбулю, хрэн, крапіву, лебяду, кісліцу, аер, кветкі ліпы і інш. Лісце шчаўя, крапівы, лебяды збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі і макітры, перасыпалі па слаях соллю, дадавалі кмену і іншых араматных зелак, квасілі пра запас. З іх гатавалі апасля розныя вадкія стравы (варывы).
З іван-чаю (скрыпеню), чабору, мацярдушкі, зверабою, кветак ліпы, маладых пабегаў сасны рыхтавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі на зімку. У якасці лекаў выкарыстоўвалі і адвары з галінак маліны, парэчкі, вішні, кары дуба, крушыны, каліны. Бярозавыя, радзей дубовыя, венікі шырока ўжываліся ў парнай лазні, лекава-гігіенічныя ўласцівасці якой былі вядомы са старажытных часоў.
Збіральніцтва – адно з улюбеных заняткаў нашых продкаў, якое патрабавала добрага ведання экалогіі свайго краю, аматарскага інтарэсу і апантанасці і, нягледзячы на прыкметнае скарачэнне прыродных рэсурсаў, не страціла канчаткова сваей ролі да нашага часу.
Рыбалоўства

Беларусь – краіна шматлікіх рэк, азер і неабсяжных балот, багатых рыбай і вадаплаўнай птушкай. У гэтых умовах рыбная лоўля з’яўлялася вельмі распаўсюджаным і эканамічна выгадным заняткам. Адыгрываючы істотную ролю ў сістэме харчавання, асвечанае народнымі павер’ямі, звычаямі, паданнямі, апетае ў песнях, яно спрадвеку было тут неад’емнай частнай паўсядзеннага народнага побыту.
Да нядаўняга часу водныя басейны і балоцістыя багны Беларусі літаральна кішэлі ўсялякай жыўнасцю Як паказваюць археалагічныя знаходкі астэалагічных рэшткаў, тут здавен вылаўлівалі мноства разнастайных і каштоўных парод рыб, сярод якіх – асятры, сцерлядзь, ліні, язі, вугры, ментузы, самы, шчупакі, акуні, ляшчы, судакі і шмат іншых. Кожны з іх займаў свае месца ў нацыянальнай беларускай кухні, складаючы аснову разнастайных страў і кулінарных вырабаў. Шмат рыбы збывалі местачковаму яўрэйскаму насельніцтву, для якога розныя рыбныя стравы былі не толькі жаданай паўсядзеннай, але і абрадавай ежай.
У вялікай колькасці вылаўлівалі і так званую мелкарыбіцу. У балотах і абмялеўшых рэках вадзілася зашмат уюноў. Жыхары шматлікіх весак, хутароў, засценкаў, што размяшчаліся на берагах рэк і азер, разглядалі лоўлю рыбы ў суседнім вадаеме як свае спрадвечнае, натуральнае права і займаліся гэтым промыслам, на зважаючы на забароны мясцовых уладальнікаў і арандатараў.
Спосабы лоўлі і рыбалоўныя прылады адпавядалі экалагічным умовам, характару водных басейнаў, сезону года, надвор’ю, а таксама вызначаліся разлікамі на пэўную пароду рыбы, рэгіянальнымі традыцыямі і г.д. Пры багацці рыбнай фауны рыбу лавілі проста рукамі ці кошыкам у мутнай вадзе або заганялі на мелкаводдзе, білі палкай, прыціскалі шастом (ці вяслом) травяны зараснік, выбіралі і выкідвалі на бераг.
Бадай, самымі старажытнымі былі ўдарныя прылады – коп’і, стрэлы, крыху пазней – гарпуны, восці, багры. Баграмі выцягвалі на бераг (ці ў лодку) загарпуненую вялікую рыбу. Яны ж выкарыстоўваліся і ў час начной лоўлі, калі рыбу здабывалі, едучы ў лодцы, пры святле факела альбо перасвета. У зімовы час рыбу глушылі ўдарамі чакухі (драўлянай чуркі) па ледзе. Як паказваюць археалагічныя знаходкі, да старажытных прылад адносяцца і кручковыя снасці, у прыватнасці вуды з нажыўкай, а таксама блесны, дарожкі.
Даволі шырока і з поспехам выкарыстоўвалі самалоўныя стаўныя пасткі: конусападобны буч, зроблены з лазовых прутоў; нерат, корпус якога ўяўляў сабой сетку, нацягнутую на абручы; венцер, ці жак, - той жа нерат, што меў у дадатак да сетчатага мяшка шырокія крылы і, адпаведна, большую эфектыўнасць лоўлі; паплаў і мярэжку – сеткавыя мяшкі на шастах, якія ставілі звычайна ў адтулінах езаў (пляцень), якімі перагароджвалі рачулку. Усе пасткі-самаловы мелі шырокі ўваход, што паступова звужаўся гарлавінай, куды заходзіла рыба, не знаходзячы зваротнага шляху. Да самалоўных пастак адносяцца каробка (кош) і скрыпка (тыпу буча), што рабіліся з лазовых прутоў, лучыны, лубу; іх выкарыстоўвалі ўзімку (асабліва ў час адлігі) для лоўлі ўюноў, апускаючы ў палонку пад лед.
Ад стаўных адрозніваюцца рухомыя пасткі – волах, блізкі да яго брадан (ці браднік), таптуха, кломля, крыга, сак. У параўнанні з першымі яны не мелі лейкападобнай перагародкі, што перашкаджала выхаду рыбы, і патрабавалі ад рыбакоў большага спрыту. Волак і брадан мелі сеткавыя мяшкі шырыней да 4 м, прывязаныя да двух доўгіх шастоў-“дзядкоў” (у брадана шасткі злучаліся ўнізе папярочкай); волакам лавілі два рыбакі, кожны ў сваей лодцы, браданам – адзін рыбак, паставіўшы свой човен папярок ракі, плывучы ўніз па цячэнні.
Таптуха знешняй формай мала адрознівалася ад буча, рыбу сюды звычайна заганялі, шумна топаючы вакол па мелкаводдзі. Той жа прынцып лоўлі пры выкарыстанні кломлі і крыгі.
Нарэшце, для лоўлі рыбы шырока прымяняліся звычайныя сеткі. Сярод іх вылучаліся простыя, аднасценныя і трохсценныя (трыгубіцы), што мелі тры рады сятчаткі розных памераў (рыба, што пападала сюды, заблытвалася ў сятчатых вочках). Сеткі, што мелі конусавідны мяшок пасярэдзіне (“матнік”), адносяцца да добра вядомых паўсюдна снасцей тыпу невадаў. Сярод іх – летні невад, або падвалока, брэдзень (браднік, волак; часцей за ўсе ўжываўся на мелкаводдзі), мутнік (донны невад) і самы вялікі (часам да 400 – 500 м у даўжыню) зімовы невад.Да пачатку ХХ ст. абазначылася скарачэнне рыбных рэсурсаў, якія раней здаваліся невычарпальнымі і задавольвалі патрэбы вялікай масы насельніцтва.
Сучасная рыбная гаспадарка патрабуе клапатлівай ўвагі, прававога рэгулявання, аховы і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў.
3.Паляванне
Палява́нне — пошук і пераслед дзікіх звяроў і птушак з мэтаю іх здабычы, дзеля футра, дзічыны і г.д. У сярэднявеччы выдзялялі ло́вы — паляванне без кідальнай зброі.
Мае доўгую гісторыю развіцця і пераўтварэння з асноўнага занятку першабытнага чалавека у яго прамысловыя, аматарскія і спартыўныя формы у сучасны перыяд.
Першабытны чалавек выкарыстоўваў для палявання тыя ж прылады, што служылі яму для самааховы і здабывання каранёў (камяні, палкі, драўляныя дубіны, завостраныя на агні ствалы маладых дрэўцаў, крамянёвыя секачы, пазней — дроцікі, дзіды, рагаціны, нажы). 3 такой зброяй паляванне было магчымым пры непасрэдным сутыкненні са зверам і патрабавала калектыўных форм і розных спосабаў палявання, заснаваных на веданні нораву, звычак, паводзін звяроў, паляванне вызначалася сукупнасцю традыцыйных прыёмаўвысочвання і здабывання дзічыны і залежала ад сродкаў паляўніцтва. Спосабы палявання сфарміраваліся на працягу каменнага веку. Менавіта адтуль вядуць пачатак такія спосабы палявання, як высочванне, трапленне, падыход, пад'езд, подпуск (сежа), аблава з нагонкай. На эпоху палеаліту прыпадае і вынаходніцтва самалоўных прыстасаванняў.
Найбольш пашыранай і здабычлівай была аблава з нагонкай, якая існуе і ў наш час пры паляванні на ласёў, дзікоў і ваўкоў. У адрозненне ад далёкага мінулага гучкі (клікуны, загоншчыкі) гоняць цяпер звяроў не ў дрыгву і глыбокія яры са стромкімі схіламі, а на лінію расстаўленых пэўным чынам стралкоў. Жыццяздольнай аказалася аблога, ці аблава са сцяжкамі (чырвонымі стужкамі, у мінулым — пучкамі разнаколерных пёраў, прывязаных на адлегласці не больш метра да шматкіламетровага шнура, якім ашнуроўвалі дзялянку лесу з загадзя высачанымі ваўкамі або лісамі). Аблога бывае разамкнутай, калі гучкі з шумам гоняць звяроў на стралкоў, і самкнутай, калі паляўнічыя размяшчаюцца па ўсім перыметры аблогі, уздоўж шнура. Апошні варыянт палявання называецца катлом. На дробных звяроў, пераважна зайцоў, палявалі катлом і без папярэдняга ашнуроўвання — паляўнічыя абкружалі пэўную дзялянку поля і, пакрысе звужаючы круг, стралялі ўспуджаных звяроў.
Са з'яўленнем кап'я, дроціка і лука (9 тысячагоддзе да н. э.) побач з калектыўнымі склаліся і пашырыліся індывідуальныя спосабы палявання. Падыход (паляванне з падыходу, скрад, скрадванне) — падкрадванне крокам або паўзком да звера на адлегласць выстралу. Трапленне — пошук і выяўленне па слядах (тропах) месца знаходжання звера. Добры вынік ад яго зімой, асабліва па першым снезе, і летам па вільготнай зямлі, на якой даўжэй захоўваюцца сляды. Эфектыўнасць траплення значна ўзрасла пасля прыручэння сабакі (9 — 8-е тысячагоддзі да н. э.). Пад'езд (паляванне на пад'езд) — набліжэнне да звера на санях або лодцы на адлегласць дакладнага стрэлу. Аб'езд — павольны аб'езд на санях звера на адкрытым месцы, з паступовым звужэннем круга. Подпуск (засада, сежа) — паляванне, калі звера падпускаюць на выстрал са сховішча — загадзя пабудаванага будана або з палатак на дрэве. Подпуск часта спалучалі з вабай, асабліва у час гону ласёў. 3 лукам, а пазней са стрэльбай палявалі на баравую і балотную дзічыну. Цецерукоў стралялі на такавішчах ранняй вясной, зімой іх прываблівалі балванам (чучалам), якога саджалі на жэрдку крыху ніжэй верхавін дрэў. Качак білі у падход і на манькуту (надсадную качку). На бакасаў, слонак, гаршнэпаў, дупеляў, турухтанаў (батальёнаў) палявалі ранняй вясной. Паляванне са стральбой на дробных птушак мела пераважна спартыўны характар і карысталася папулярнасцю галоўным чынам сярод гарадскіх паляўнічых. Сяляне лічылі за празмерную раскошу траціць набой на птушку у чвэртку фунта вагай і лавілі іх пераважна сіламіЗдаўна вядомы і неактыўныя спосабы палявання, заснаваныя на выкарыстанні самалоўных прылад і прыстасаванняў: лоўчых ям, петляў са скураных паскаў і сухажылля і інш. Асноўнай старажытнай зброяй палявання быў лук, з XII ст. пашырыўся ўдасканалены лук — куша (арбалет) з кольбай, ложай і механічным напінаннем цецівы, што павялічыла магчымасць актыўнага палявання. У X — XIV ст. паляванне у Беларусі належала значная роля. На Полаччыне, Віцебшчыне і Тураўшчыне асноўным аб'ектам палявання былі тур і зубр, ля Ваўкавыска — дзік, у Пагарынні — бабёр, у ваколіцах Клецка — казуля. Для палявання выкарыстоўваліся ўсе віды наступальнай і абарончай зброі: лукі, кушы, коп'і, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы, кісцяні. Коп'і і дроцікі кідалі наводмаш з бягу ці нагнаўшы звера верхам, дзіды і рагаціны выкарыстоўвалі пры паляванні на буйных звяроў, асабліва мядзведзя. Пашыраным было паляванне разнастайнымі самаловамі, пасткамі (ступіца, ступа, торгала, ашчэп, ваўкоўня, трызубец), сеткамі (лятуха, звон, шацёр, плат, стажок, раз'езд), петлямі, сіламі (пружок, панажы, кола), з XVIII ст. — капканамі саматужнай і фабрычнай вытворчасці. У сярэднявеччы папулярным было паляванне з сабакамі ці сокаламі. У XV — XVII ст. для палявання выкарыстоўвалі сабак-хартоў, якія даганялі і душылі звера, гончых, якія гналі звера з брэхам, выжлаў, якія нюхам адшуквалі птушак і ўзнімалі іх, а потым знаходзілі і прыносілі здабычу, ямнікаў (таксаў), з якімі палявалі на норнага звера. Сакалінае паляванне з «белазорамі» і «балабанамі» было выключнай прэрагатывай караля і магнатаў. 3 канца XV — пачатку XVI ст. пашырылася паляванне з агнястрэльнай зброяй (напачатку сярод прадстаўнікоў пануючых класаў, з сярэдзіны XVI ст. — і сярод сялян). Да канца XIX ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: ручніцамі, губчастымі («звярынымі» і «птушынымі»), крамянёвымі («крамзелямі» і «сакалоўкамі»), аднаствольнымі, пазней двух-ствольнымі дубальтоўкамі («пістонаўкамі»), у канцы XIX — пачатку XX ст., «бярданкай» — стрэльбай з зарадамі патроннага тыпу. Паляванне з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан і іншыя). Паляванне насіла характар варварскай забавы прывілеяваных асоб і стала амаль недаступным для астатніх. Напрыклад, у 1860 годзе цар Аляксандр II і яго світа за 2 дні знішчылі ў Белавежскай пушчы 28 зуброў, 23 дзікі, 36 казуляў і шмат іншых звяроў. Для загону звяроў, акрамя егераў і аб'ездчыкаў, было мабілізавана больш за 2 тысячы сялян, якія 3 тыдні заганялі звяроў у загарадзь. У час палявання цара Мікалая II за 2 тыдні забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 рысей, 36 ланей, 325 казуляў, 138 дзікоў, 51 ліс і інш. Сучаснае паляванне на Беларусі істотна адрозніваецца ад старажытнага, маючы спартыўна-аматарскі характар. Паляванне дазволенае толькі членам таварыстваў паляўнічых і рыбаловаў у паляўнічы сезон па пуцёўках або ліцэнзіях, у вызначаных для палявання паляўнічых угоддзях.
4.Бортніцтва
Бортніцтва — першапачатковая форма культурнага пчалярства, заснаванага на ўтрыманьні й разьвядзеньні пчолаў у жывых вульлях — натуральных або штучных дуплах такіх дрэваў, як хвоя, дуб, ліпа, радзей асіна. У сваю чаргу бортніцтва разьвілося зь дзікага пчалярства, калі з выпадкова знойдзенага ў лесе, а то й проста на зямлі пчалінага гнязда чалавек забіраў увесь мёд, зьнішчыўшы папярэдне вагнём рой, што знайшло адлюстраваньне ў прымаўцы: Не пагнетшы пчолаў, мёду не ядаць. Пазьней пошук дзікіх раёў набыў сьвядомы характар: чалавек ужо йшоў у лес па мёд, як на паляваньне. Заўважыўшы пчол, якія бяруць узятак, далёкі прашчур клаў на зямлю кавалачак сотавага мёду. Пчолы знаходзілі прываду й, пераносячы мёд у сваё гняздо, прыводзілі да яго чалавека. 3ь пераходам да аселага жыцьця адбылося пераўтварэньне зьбіральнікаў мёду ў сьвядомых пчаляроў-бортнікаў. Назіраючы за жыцьцём пчолаў й іх звычкамі, людзі заўважылі, што кожная пчаліная сям’я ў сярэдзіне лета роіцца: маладая сям’я пакідае матчыну борць і ляціць шукаць гняздо. Гэтая акалічнасьць падштурхнула чалавека на думку прывабліваць маладыя раі ў загадзя прыгатаваныя дуплы, спачатку натуральныя, а пазьней штучныя. Калі не лічыць пэрыяду дзікага пчалярства, бортніцтва прайшло тры этапы разьвіцьця:
а) ахова й догляд дзікіх пчолаў у знойдзеных дуплах,
б) утрыманьне сьвядома аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах,
в) разьвядзеньне й утрыманьне ў адмыслова зробленых борцях.
Паступова выпрацавалася тэхніка вырабу борцяў, спосабы прывабліваньня й догляду пчолаў, узьніклі й ўдасканаліліся бортныя прылады працы, на аснове досьледу склалася сыстэма практычных і тэарэтычных ведаў пчалярства, сфармаваліся традыцыі, то бок узьнік новы від промыслу. Адбылося гэтае на землях сучаснай Беларусі 2—3 тыс. гадоў таму. Разьвіцьцё бортніцтва на Беларусі як самастойнага й шырокараспаўсюджанага промыслу спрыяла наяўнасьць вялікіх масіваў мяшаных лясоў і пушчаў, парослых верасам, чарніцамі, малінай, ажынай і йншымі мёдадайнымі расьлінамі й кветкамі. Бортніцтвам займаліся паўсюдна. В. Концкі, аўтар выдадзенай у 1614 г. кніжкі «Навука аб пчолах», першай тэарэтычна-практычнай работы пра пчалярства, пісаў, што Белая Русь славутая вялікім мноствам розных багацьцяў, у тым ліку і пчоламі, шчодрымі на мёд, не абдзеленая. Гэта пацьвярджаецца й дадзенымі тапанімікі. Назвы вёсак Бортнікі, Бортнавічы, Борці распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Захаваліся да нашага часу некаторыя старажытныя адзінкі вымярэньня мёду й назвы посуду для яго захоўваньня: кадоўб, кадоўбчык, ліпечня і інш.[5] Па пераемнасьці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву й таксама называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб борці й калоды, спосабы догляду пчол, бортныя прылады й тэрміналёгія засталіся ранейшымі. Выкарыстаньне калоднага вульля, выпілаванага з бортнага дрэва, не зьмяніла на першым часе пчалярства, яно яшчэ доўга заставалася лясным. Выціснуўшы паступова бортніцтва ў яго чыстым выглядзе, калоднае пчалярства стала панаванай формай. У адзінкавых выпадках бортніцтва датрывала амаль да нашых дзён. Усё сталася з таго, што ў канцы 15 ст. поруч са спрадвечнымі борцямі пачалі выкарыстоўваць калоды (пянёк, каранёк) — вульлі, выдзеўбаныя ў адпілаваным кавалку дрэва. Першая калода ўзьнікла, відаць, з паваленага ветрам бортнага дрэва, зь якога, як сьведчыць Статут Вялікага Княства Літоўскага, выпілоўвалі борць. Па традыцыі калоды працяглы час усьцягвалі на дрэвы й ставілі на падкурах. Пра пашырэньне калоднага пчалярства ў першай чвэрці 16 ст. можна меркаваць па паэме М. Гусоўскага «Песьня пра зубра». Такім жа яно было й у пачатку 19 ст. Расейскі акадэмік В. Севяргін быў уражаны паўсюдным распаўсюджаньнем пчалярства на Беларусі ў 1802 г.: Сіе леса преизобилуют пчелами. Почти на каждом шагу встречаются на соснах ульи, иногда по два и по три на одном дереве.
Адмоўна адбілася на пчалярстве драпежніцкае вынішчэньне лясоў. Лес для абшарнікаў быў адной з асноўных крыніц прыбытку. Лясныя распрацоўкі асабліва інтэнсіўна разгарнуліся ў 30-х гадах 18 ст. Беларускі лес у выглядзе розных будаўнічых матэрыялаў, бандарных і карабельных нарыхтовак няспынным патокам сплаўляўся ў порты Прыбалтыкі, а адтуль вывозіўся ў краіны Заходняй Эўропы. Калясальныя плошчы лесу зьнішчаліся й для здабываньня паташу. У йнвэнтарах 17 і асабліва 18 стст. пра бортніцтва як лясны промысел згадваецца толькі ў сувязі з такімі буйнымі ляснымі масівамі, як Наднёманская, Налібоцкая, Аўгустоўская і Белавеская пушчы. Апошні ўдар па бортніцтву нанесла распаўсюджаньне роябойнай сыстэмы пчалярства, калі забіралі ўвесь мёд, а пчол зьнішчалі. Вытворчасьць мёду ў другой палове 18 ст. рэзка скарацілася. Гэта вымусіла Кацярыну II скасаваць у 1775 г. падатак на пчол, гэтая йльгота распаўсюдзілася і на ўсходнія раёны Беларусі, якія па першаму падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) увайшлі ў склад Расеі.
У пэрыяд калоднага пчалярства ў асобных раёнах Беларусі атрымалі распаўсюджаньне плеценыя вульлі — саламянікі й лазавікі. Першыя плялі з жытніх жгутоў, злучаных па вэртыкалі расшчэпленымі ўздоўж лазовымі дубцамі, другія — накшталт кашоў, з нерасшчэпленых дубцоў лазы-малакіты. Абмазаны глінай, зьмяшанай з палавіньнем або дробнай сечкай, лазовы вулей паліравалі — заціралі мокрай рукой і пакрывалі тонкай скарыначкай рачнога мулу, які добра бараніў сьценкі ад вільгаці й дажджу. Выраб саламянікаў і лазавікоў быў абумоўлены хутчэй за ўсё ня пошукам рацыянальнага тыпу вульля, а таннасьцю матэрыялу. Па спосабу фармаваньня сотаў і форме яны нічым не адрозьніваліся ад калод і нічога прынцыпова новага ў пчалярства ня ўносілі. Па спосабу разьмяшчэньня адносна зямлі саламяныя і лазовыя вульлі, падобна калодам, бытавалі ў дзьвюх формах: стаякі мелі форму цыліндра або ўсечанага конуса, лежакі нагадвалі куфры з пукатым векам. Аднак шырокага распаўсюджаньня яны не атрымалі з прычыны таго, што іх неабходна было пераносіць на зіму ў зрубленыя зь бярвеньня імшанікі або плеценыя з лазы й абмазаныя глінай з абодвух бакоў мурні. Адрозьніваўся саламянік ад калоды толькі тым, што ў ім можна было павялічыць аб’ём вульля. Калі галава вульля цалкам запаўнялася мёдам, яго павялічвалі пры дапамозе насадкі, якая мела аднолькавы дыямэтар з вульлем. Аналягічнае яруснае разьмяшчэньне вульлёў пад ахоўным дашкам было вядома старажытным грэкам яшчэ ў 3—4 ст. да н. э.[5] На многіх пасеках, галоўным чынам прыватных, калоды функцыянуюць і цяпер. Многія пчаляры перарабілі йх на рамовыя вульлі, пашырыўшы камэру й надаўшы ёй прыдатную для разьмяшчэньня рамак прастакутную ў пляне форму або пашырыўшы пчалінае гняздо шляхам прыбудовы да калоды магазыннай надстаўкі, выкананай накшталт невялікага вульліка. Пераабсталяваньне калод, першыя спробы якога фіксуюцца першай чвэрцю 20 ст., яскрава сьведчыла пра прызнаньне беларускімі пчалярамі новага вульля, аднак для гэтага спатрэбілася амаль стагодзьдзе пасьля вынаходзтва чарнігаўскім пчаляром Пятром Пракаповічам у 1814 г. першага ў сьвеце драўлянага разборнага вульля, які атрымаў назву ўтулкавага[5].Па меры распаўсюджваньня й ўдасканальваньня бортніцтва складалася й бортнае права — спачатку звычаёвае, а затым пісанае, дзяржаўнае. У «Рускай праўдзе» Яраслава Мудрага, першая кароткая рэдакцыя якой абагульніла й адлюстравала звычаёвае права VIII—X стст., пра бортніцтва гаворыцца як пра даўно йснуючы занятак. «Руская праўда» вызначала прававыя нормы й канкрэтную крымінальную адказнасьць за бортныя злачынствы: «Аже оукрадеть кто борть, то 12 грвн продаже», «Аже розна-менаеть бьрть, то 12 грвн», г. зн. за крадзеж і нават за зьнішчэньне бортных знакаў спаганяўся такі ж штраф, як і за забойства халопа. За падпал чужой маёмасьці, у тым ліку й борцяў, прадугледжвалася выгнаньне за межы бацькаўшчыны. У Польшчы пісанае бортнае права было ўведзена ў 1347 г.
За крадзеж мёду караліся й жаўнеры ў час вайны. Вайсковая ўстава Менскага сойму 1507 г. прадугледжвала за крадзеж мёду найвышэйшую меру пакараньня — павешаньне: «Хто дрэва з пчоламі сьсячэ, таго таксама на шыбеніцу». Жаўнеры караліся нават за захоўваньне лязіва — прыстасаваньня для пад’ёму на дрэва. За гандаль крадзеным мёдам карчміта выганялі з войска, а «калі яго ў тым другі раз зловяць, тады яго на шыбеніцу».
Побач з заканадаўчымі актамі па ахове бортніцтва стаяла й звычаёвае права, якое йншы раз, асабліва ў глухіх раёнах Палесься, было больш дзейсным. Перайсьці нябачную мяжу звычаю мала хто адважваўся. Крадзеж мёду здаўна лічыўся амаль такім жа цяжкім злачынствам, як і забойства. Мянушка пчаладзёр на ўсё жыцьцё ганьбіла злодзея, ставіла яго па-за межы грамады[5].
У шматлікіх літаратурных крыніцах 16—17 стст. прыводзяцца апісаньні расправы: пчаладзёру ўскрываюць страўнік і ганялі яго вакол дрэва датуль, пакуль ён, апавіўшы вантробамі ствол, не падаў як нежывы. Найболей грунтоўна бортнае заканадаўства на Беларусі было распрацаванае ў 16 стагодзьдзі — у трох рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага ад 1529, 1566, 1588 гадох выданьня. Кожны зь іх зьмяшчаў артыкулы, што тычыліся бортніцтва[7].
Напрыклад, у Статуце ВКЛ ад 1588 году зьмяшчаліся наступныя артыкулы:
Хто бы мелъ споръ о бръти або о входы в пущу
Устава дереву бортному
Цена пчолам
О пущу, о ловы, о дерево бортное, о озера и сенажати[8]
Асноўны артыкул: Лясная ўстава
Разам з рэглямэнтам, усталяваным у Статутах ВКЛ, у 1567 годзе Жыгімонтам Аўгустам была выдадзеная Лясная ўстава — заканадаўчая інструкцыя па выкарыстаньні лясных угодзьдзяў у Рэчы Паспалітай. Акрамя правілаў карыстаньня лесам, Устава вызначала пакараньне за самавольнае разьмяшчэньне борцяў.
Асноўны артыкул: Копны суд
Таксама большасьць бортных справаў разглядалась копнымі судамі, якія ў архіўных дакумэнтах называліся проста капа альбо гайны суд. Копныя суды праіснавалі ў Беларусі да 18 стагодзьдзя. У якасьці судзьдзяў на капе выступалі копнікі (копныя мужы, капляне), якія абіраліся зь ліку жыхароў сумежных вёсак. Гэтае былі найбольш аўтарытэтныя сяляне, што валодалі добрай рэпутацыяй, таксама старцы, кіраўнікі грамадаў — якія ўваходзілі ў копную акругу. Склад копных судзьдзяў рэдка перавышаў 30 асобаў.[9]
Бортныя цэхі, ці Бортныя брацтвы — карпаратыўна-прафэсійныя аб’яднаньні бортнікаў з шырокімі правамі самакіраваньня. На Беларусі вядомы з ХІV ст. У гарадох і мястэчках аб’ядноўвалі бортнікаў зь мяшчан і дробнай шляхты.[3] Бясспрэчным зьяўляецца той факт, што пераважную колькасьць пчаляроў складалі сяляне, для якіх земляробства заставалася галоўнай крыніцай існаваньня, а бортніцтва было другарадным заняткам, яно прыносіла лішнюю капейку й вызваляла ад цяглавай службы й некаторых іншых павіннасьцяў, зьвязаных з карыстаньнем зямлёй[5].
Вытворчая дзейнасьць і побыт рэглямэнтаваліся статутам, зацьверджанай гарадзкой радай. У адрозьненьне ад мядовых брацтваў у бортнае брацтва ўваходзілі бортнікі розных веравызнаньняў[3].
Пры паступленьні ў цэх прыносілася «Прысяга бортніка». Яна патрабавала адданасьці й паслухмянства кіраўніцтву цэха, яго суду й юрысдыкцыі, захаваньня «ўдзень і ўноч» прафэсійных сакрэтаў, неадкладнага выкрыцьця парушальнікаў цэхавай дысцыпліны й наогул рабіць усё для памнажэньня «набытку бортнага». На чале цэха стаялі выбраныя на агульным сходзе бортны стараста, падсудак і пісар, пазьней у адміністрацыю цэха ўвайшлі два лаўнікі, а падсудка зьмяніў гаёвы, то бок судзьдзя. Бортныя цэхі, падобна йншым аналягічным прафэсійным аб’яднаньням рамесьнікаў, мелі свой статут, сьцяг і пячатку, Сьцяг Віленскага цэха бортнікаў і цяпер захоўваецца ў саборы Пятра і Паўла, што на Антоклі ў Вільні[5].
Таксама кожны бортнае брацтва мела сваю пратэсу (харугву) з выявамі патрона пчалярства Іаана Златавуста, пчол і бортных рэаліяў. У час ваенных дзеяньняў бортнікі выступалі ў складзе апалчэньня пад сваёй цэхавай пратэсай[3].
Бортнікі плацілі падатак, выконвалі павіннасьці й карысталіся пэўнымі йльготамі й правамі. Бортнікам, якія мелі ў чужой пушчы борці, «волно на лезиво лыкь албо лубья на лазтэбень и на іньшые потребы… тыле иле им потреба будеть взяти, што можеть на собе занести, а не возоміь вывести». Яны мелі права выбіраць у скарбавым і прыватным лесе прыдатныя дрэвы й рабіць у іх борці, лавіць рыбу, касіць сена, але ім забаранялася паляваць і секчы дровы. Нават калі бортнае дрэва зваліць навальніца, бортнік павінен «улей з бортью выпустити и вывести, а верьховье и коренье оставити в пушчы». Рэглямэнтаваўся й тэрмін выкананьня пэўных работ. Так, напрыклад, незавершаную на працягу 4 тыдняў борць меў права дарабіць сабе іншы бортнік. Падатковай адзінкай зьяўлялася не асобная борць, а бор — 60 борцяў — незалежна ад таго, на якой плошчы лесу яны разьмяшчаліся. 3 бору спаганялася ручка мёду. У сярэдзіне XVI ст. бортнікі Пінскага княства плацілі мядовы падатак з разьліку «палова ў скарб, палова падданым»; спаганяўся падатак і грашыма. Кантроль за работай бортнікаў ажыцьцяўлялі прызначаныя зь ліку сялян наглядчыкі — палазьнікі. Яны вызначалі колькасьць сабранага мёду, а значыць, і памер падатку[5Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі. У 1773 г., напрыклад, лухаўскае лясьніцтва ў Аўгустоўскай пушчы за продаж драўніны выручыла 14 талераў і 25 грошай, а бортны падатак склаў суму ў 30 разоў большую — 507 талераў. Падатак з кожным годам павялічваўся й непасільным цяжарам прыгнятаў сялян-бортнікаў. Абараняючы свае правы, яны патрабавалі выкананьня ранейшых нормаў, змагаліся супраць самавольства й гвалту. Найбольш зацятым і драматычным было выступленьне бортнікаў Слонімскага староства, якое вядома пад назвай мядовы бунт.
Князёўна Ганна Сапега, ва ўтрыманьні якой знаходзілася староства, зрабіла спробу павялічыць мядовую даніну да 50% ад усяго сабранага мёду. Да гэтага сяляне плацілі мядовую даніну ў памеры 25 грошаў ад лазьбеня, а прыхатнія пасекі наогул не абкладаліся падаткам. Узброіўшыся цапамі, віламі й косамі, яны выгналі княжацкага намесьніка й арганізавалі самаахову. На ўціхаміраньне бунту адміністрацыя староства паслала ўзброеныя атрады. Сялян катавалі, аблівалі вадою на марозе, дзяцей і жанчын цкавалі сабакамі, насыпалі за пазухі жывых пчол. Больш як 20 гадоў (1700—1721) працягвалася барацьба бортнікаў за свае правы, але іх супраціў быў задушаны[5].
Аднак такія жорсткія спробы ніяк не прытушылі мядовы бунт — наадварот, пачалася сапраўдная партызанская вайна супраць магнатаў і фэадалаў. Магнатцкія намесьнікі жорстка распраўляліся над сялянамі-бунтарамі, забіралі іхнюю жывёліну, вульлі й іншае багацьце. Але ў большасьці намесьнікі не маглі трапіць у акругу бяз добра ўзброенай дружыны.
Усе арганізацыйныя пытаньні сяляне вырашалі грамадой — на агульных сходах і не дапушчалі самакіраваньня. У кожнай вёсцы былі створаны атрады самаабороны — свавольныя купы. Сяляне добра разумелі неабходнасьць адзінства й салідарнасьці — таму прыносілі прысягу перад грамадой — каб адзін ад другога не адступаць (калі гэтая прысяга парушалася — жорстка каралі здрадніка). Такім чынам сяляне трымаліся амаль два дзесяцігодзьдзя — пры тым спалучалі легальныя спосабы барацьбы і адкрытае непадпарадкаваньне й узброены супраціў, выкарыстоўвалі самыя дробязныя прамашкі.
У лістападзе 1720 году адбыўся вялікі суд — на якім прысутнічалі прадстаўнікі працавітых падданых і прадстаўнікі Сапегаў. Прадстаўнікі жадалі абвінаваціць сялян-бунтароў. Сяляне, аднак, абараняліся, падгрунтоўваючы свае словы граматамі й княскімі паперамі.
Такі падыход бунтароў паставіў клясавы суд у тупік. Бо калі перавагу аддадуць сялянам — гэта будзе прэцэдэнт у судовай справе, які будзе шырока ўспрыняты сярод сялянства, і будзе выкарыстоўвацца ў будучым. Суд у такім выпадку перанёс судовую справу на наступны год на гадавы кірмаш.
Між тым, суд прыняў бок фэадалаў (усе аргумэнты сялянаў прызналі нявартымі) і вялікая бортная судовая справа была вырашана ня ў карысьць сялянаў-бортнікаў.[11]
Борць — штучнае альбо прыстасаванае натуральнае дупло ў дрэве (хвоі, дубе, часам ў ліпе, асіне), дзе жылі дзікія пчолы. Лякальныя назвы — бартак, боруць, кляшня.
Борць выдзёўбвалі пад кронай дрэва на вышыні 4—15 мэтраў ад зямлі, з зацішнага й сонечнага боку рабілі вузкую прамакутную адтуліну (доўжня, века, лазейка), празь якую высякалі пешняй камору борці, а потым празь яе выконвалі ўсе работы па догляду за пчоламі.
Доўжню закрывалі дубовым бруском і дадаткова прыкрывалі дубовай дошкай (сьнет, сьняток), прымацаванай да дрэва двума штырамі з правушынамі для затычак. Побач са сьнетам сьвідравалі ляток — адтуліну для ўваходу й выхаду пчолаў. На Беларусі вядомы трапэцападобнай формы каморы борці, памеры іх былі розныя.[3]
Камэра борці падзялялася на тры часткі: галава (шапка), дзе знаходзіўся рой, сярэдзіна, дзе разьмяшчаліся соты, і дно (подак, под), куды ападалі мёртвыя пчолы, рознае сьмецьце, а пры неабходнасьці ставілася падкормка (падкармячка) — сыта ў драўлянай ці глінянай місачцы. Супрацьлеглая частка борці называлася плячамі.[5]
Бортнікі — пчаляры, якія займаліся ўтрыманьнем і доглядам баровак (лясных пчолаў) у борцях. Лакальныя назвы барцялазы, вотчычы. Бортнікі рабілі новыя борці й засялялі іх, рыхтавалі прынаду для раёў, чысьцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчолаў ад неспрыяльнага надвор’я (дажджу, вільгаці, марозу), шкоднікаў (мядзьведзяў, мурашак). Умельства бортніка перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне й у шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагодзьдзяў.[3] Прафэсія бортніка звычайна перадавалася й пераходзіла ад бацькоў. Хадзіць ля пчолаў вучыліся зь дзяцінства, спакваля спасьцігаючы таямніцы пчалярства. Найбольш важныя зь іх, у тым ліку чарадзейныя дзеяньні й замовы, бацькі перадавалі сынам перад сьмерцю. Такі звычай, паводле сьведчаньня I. А. Сербава, бытаваў на Палесьсі яшчэ і ў пачатку 20 ст.[5]
Бортнае знамя, бортны знак, кляйно. Абазначала прыналежнасьць борці пэўнаму гаспадару-бортніку. Бортнае знамя высякалі на ствале борцевага дрэва на ўзроўні вачэй.
У аснове кампазыцыі — геамэтрычныя фігуры: спалучэньні розных па велічыні й форме трыкутнікаў, рысак, дужак і інш. Аналягічныя знакі ўжываліся пры межаваньні зямлі, лугоў, лесу, вазёраў, рэчак. Бортныя знакі былі своеасаблівымі сямейнымі гербамі, якімі абазначалі ўласныя рэчы й прылады працы. Старцы, дзесяцкія й інш. выбарныя кіраўнікі сялянскіх грамад у 15—17 ст. выкарыстоўвалі бортнае знамя замест подпісаў на службовых паперах, копнікі — на пастановах копных судоў. Старажытныя бортныя знакі захаваліся да нашага часу. Адным зь іх пазначаны 500-гадовы дуб «Мінтус» каля в. Рашотнікі Рэчыцкага раёну.[3]
Бортніцтва, як і ўсе іншыя гаспадарчыя заняткі чалавека, выпрацавала адмысловыя прылады працы й прыстасаваньні. Яны без істотных зьменаў, але часта пад іншымі назовамі вядомы на ўсёй тэрыторыі Беларусі: лязіва (лазіва, лёзва, лазы, лазня, ліна, ліня, жэнь, плець), барта (барда, серка) — невялікая сякера з шырокім лязом, нож для падрэзваньня сотаў (медарэз, рэзічка), пешня з прамым і сагнутым «лыжачкай» лязом на доўгім пяхоўі[3].
Недзе ў ХV—ХVІ стст. распаўсюджыліся калодныя вульлі, якія па-ранейшаму называлі борцямі, або калодамі. Першым калодным вульлем хутчэй за ўсё было тое ж борцевае дрэва, паваленае ветрам; кавалак ствала, дзе знаходзілася борць, акуратна адпілоўвалі з двух бакоў і ставілі ў неабходным месцы. Калоды расстаўлялі на дрэвах на вышыні да 15 м пераважна ў ліпавых і бярозавых гаях, паблізу пойменных лугоў і верасовых балот, багатых мёдадайнымі расьлінамі[12].
Працяглы час калоднае бортніцтва ўспрымалася як і «клясычнае» бортніцтва — бо амаль не адрозьнівалася па спосабу догляду, аховы пчолаў. Адзінае розьненьне было ў тым, што калоды можна ўсталяваць амаль на кожным дрэве, а борць выдзеўбаць можна толькі ў прыдатным борцевым дрэве. Да таго ж калоднае бортніцтва спрашчала бортную працу (калоду можна было вырабляць у двары) — бо ня трэба было рабіць борць на вышыні (такая справа рызыкоўная — бо можна было зваліцца зь лязіва, ці пакалечыцца).
5. ЛЕСАХІМІЧНЫЯ ПРОМЫСЛЫ
ЛЕСАХІМІЧНЫЯ ПРОМЫСЛЫ — вытворчасць вугалю, дзёгцю, смалы, паташу ў выніку сухой перагонкі дрэва. Выпальванне вугалю, гонка смалы, дзёгцю былі пашыраны на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі; выраб паташу ўзнік пазней.
Прадукцыя промыслаў задавальняла гаспадарчыя патрэбы мясцовага насельніцтва і экспартавалася праз балтыйскія, а з канца XVIII ст. і чарнаморскія порты. Смалу выкарыстоўвалі для прасмальвання рачных і марскіх суднаў, канатаў, рыбалоўных нератаў, дзёгаць — у народнай медыцыне, гарбарнай вытворчасці, для падмазвання калёс, вугаль — у руднай і кавальскай справе. Узнікненне і пашырэнне вырабу паташу звязана з развіццём цэхавага рамяства і мануфактур. Паташ выкарыстоўвалі ў шкляной, мылаварнай, тытунёвай, фармацэўтычнай, кандытарскай вытворчасці, для вырабу паліва, фарбавальнікаў, адбельвання тканін, мыцця воўны і інш.
Найбольш пашыраны былі лесахімічныя промыслы на ўсходзе Беларусі і Палессі. Належалі яны буйным землеўладальнікам і арандатарам. На будах, абсталяваных спецыяльнымі печамі для смалакуоэння, гонкі дзёгцю, выпальвання вугалю і вырабу паташу, працавалі прыгонныя і наёмныя рабочыя. Драўняны вугаль выпальвалі і кучавым спосабам.
Пасля адмены прыгону лесахімічнымі промысламі валодалі звычайна купцы-лесапрамыслоўцы. Акрамя мужчынскай, шырока выкарыстоўвалася жаночая і дзіцячая праца. Так, у Мазырскім павеце ў 1870-я г. за падноску лучыны да печы жанчынам і хлапчукам плацілі па 10 — 20 капеек у дзень, мужчынам — 2 рублі ў тыдзень.
Промысламі займаліся і сяляне-саматужнікі. У Магілёўскай губерні, напрыклад, у 1880-я г. сяляне гналі смалу і дзёгаць невялікімі арцелямі (5 — 7 чалавек). Яны арандавалі ў памешчыкаў участкі высечанага лесу, карчавалі асмол. Палавіну здабытай смалы аддавалі памешчыкам, астатнюю выкарыстоўвалі для сваіх патрэб або прадавалі на кірмашах.
У 2-й палове ХІХ ст. лесахімічныя промыслы пачалі скарачацца ў сувязі з павелічэннем аб'ёму лесанарыхтовак і экспарту таварнай драўніны. Асабліва паўплывала на гэта развіццё прамысловасці і выкарыстанне новых відаў сыравіны (каменнага вугалю, нафты, соды). Да канца ХІХ ст. саматужнае смалакурэнне прыйшло ў заняпад, хаця бытавала і ў пачатку ХХ ст., а выраб паташу спыніўся на пачатку ХХ ст.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лесахімічную прадукцыю выраблялі дзяржаўныя прадпрыемствы, прамысловая кааперацыя і некаапераваныя саматужнікі. У 1928 г. удзельная вага дзяржаўнага сектара ў вырабе смалы і шкіпінару ў рэспубліцы складала 6,6 %, каапераваных саматужнікаў 32,4 % і некаапераваных саматужнікаў 61 %, а ў 1929 г. — адпаведна 35 %, 55 % і 10 %.
6. Рамёствы
А) ткацтва.
Ткацтва на тэрыторыі Беларусі сустракалася, паводле работ археолагаў, з эпохі зарубінецкай культуры, у XI—XII стагоддзях[2][3]. У дакументах XVI—XVII стст. сустракаюцца матэрыялы па ткацтве беларусаў. У апублікаваных матэрыялах Віленскай археаграфічнай камісіі маюцца паведамленні аб тканінах і тканых вырабах хатняга вытворчасці[1].
У канцы XIX — пачатку XX ст. асноўнай сыравінай для вырабу тканін у хатніх умовах у беларусаў з'яўляліся кудзелістыя расліны і авечая поўсць[1]. З кудзелістых раслін найбольш пашыранымі былі лён, канопля.
Прадзенне — ператварэнне валакна ў нітку. Гэта даволі працаёмкі і важны працэс. Ад якасці пражы шмат у чым залежыць якасць гатовай пражы[1].
Афарбоўка пражы давала магчымасць ствараць пры ткацтве самыя розныя па каларыстыцы арнаментаваныя тканіны. Часцей за ўсё для афарбоўкі выкарыстоўваліся раслінныя фарбавальнікі. З канца XIX — пачатку XX стагоддзяў даволі шырокае распаўсюджванне атрымалі хімічныя фарбавальнікі, якія да XX стагоддзя цалкам выцеснілі раслінныя[1].
Снаванне — гэта размяшчэнне пражы такім чынам, каб у момант ткання аснова дзялілася на верхні і ніжні рады, каб утварыўся зеў. Вядомы тры спосабы снавання: на сцяне, на раме і на снавалцы, якая круціцца[1].
Ткацтва на дошчачках(руск.) бел. з'яўляецца адным з самых старых спосабаў стварэння тканага палатна. Дошчачкі ўяўлялі сабой невялікія плоскія фігуры з дрэва, на Беларусі часцей за ўсё квадраты памерам 10 на 15 см, з дзюрачкамі па чатыром вуглам. Гэтая прылада выкарыстоўваліся для ткацтва паясоў[6][7][8].
Бёрда(руск.) бел. — прыстасаванне для ручнога ткацтва, род грэбня. Вядома са старажытных часоў. Можа быць выкарыстана для стварэння нешырокай тканай паласы. На бёрдзе можна вырабіцьпояс, нешырокі ручнік, абрусы і да т. п.
На Беларусі асноўны тып кроснаў уключае: «ставы» — драўляны каркас, на якім збіраюць канструкцыйна важныя вузлы станка; «навоі» — 2 драўляных валы, на адзін з якіх навіваюць ніткі асновы, а на другі намотваюць палатно; «ніты», або «нічальніцы», — надзетыя радамі на 2 паралельных пруткі (верхні і ніжні) ніцяныя завесы, праз якія працягваюць ніткі асновы (ад колькасці нітаў залежыць узор тканіны); «Бёрда» — прыстасаванне для прыбівання уточнай ніткі, якое складаецца з тонкіх вузкіх пласцінак накшталт грабеньчыка з 2 спінкамі і ўкладваюцца ў «набіліцы», «панажы», «калёсцы», «чапёлкі» — рычагі і блокі для прывядзення ў рух нітаў. Пры націску па панажы, прывязаныя да іх ніты разыходзяцца і ўтвораць у аснове зеў, праз які пракідваюць чаўнок з навітым на цэўку утком.
Для этнографаў беларускае народнае ткацтва ўяўляе вялікую цікавасць, бо яно цесна звязана з гісторыяй народа і можа служыць каштоўным матэрыялам пры даследаванні этнічных працэсаў мінулага, этнакультурных узаемасувязяў беларусаў з іншымі народамі[1]. Найбольш значны матэрыял па ткацтве Віцебшчыны ўтрымліваецца ў працы М. Я. Нікіфароўскага «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку»[9]. У архіўных крыніцах маюцца звесткі аб распаўсюджванні і ўзроўні развіцця беларускага ткацтва ў 17—18 стагоддзях[10].
Б) Вышыўка
Вышыўка, від народнага дэкаратыўнага мастацтва; арнамент або малюнак, вытканы ўручную (звычайнымі або спецыяльнымі іголкамі, часам кручком і інш.) ці машынным спосабам на тканінах, карунках, скуры. Матэрыялам служылі ільняныя, баваўняныя, ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі, бліскаўкі і інш. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, чорных (забалаць, горынь, блахва), белых (белка) колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі каларыстыка вышывак можа адрознівацца. Длянакладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш. Вышыўкай аздаблялі жаночае (кашулі, галаўныя ўборы, фартухі, зрэдчас — спадніцы і гарсеты) і мужчынскае (кашулі, шыйныя хусткі) адзенне, суконную і аўчынную вопратку, рэчы дэкаратыўна-абрадавага і бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалочкі, посцілкі і інш.).
Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. У Беларусі гафт вядомы з XVI ст. у аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў — антымінсы).Узнікненне вышыўкі адносіцца да эпохі першабытнай культуры і звязана з шыццём адзення са скураў жывёл. Матэрыялам для вышыўкі ў розныя часы былі жылы жывёлаў, натуральныя ці афарбаваныя ніці ільну, канопляў, бавоўны, шоўку, воўны, а таксама перліны і каштоўныя камяні, бусы і бісер, ракушкі, залатыя і медныя бляшкі, манеты. Вышыўка цесна звязана з бытам, працай, прыродай і, такім чынам, заўсёды адлюстоўвала мастацкія густы і ўяўленні, выяўляла нацыянальную своеасаблівасць і майстэрства кожнага народа.
Мастацтва дэкаратыўнай вышыўкі ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і на працягу многіх вякоў захоўваецца ў дэталях інтэр'еру, адзення і разнастайных прадметаў бытавога ўжытку. Найбольш старажытныя вышыўкі, якія дайшлі да нашага часу, адносяцца да VI- V ст. да н.э. Яны былі выкананы ў Старажытным Кітаі на шаўковых тканінах шоўкам-сырцом, воласам, залатымі і срэбранымі ніткамі. Вышыўкай упрыгожвалі не толькі адзенне, але і дываны, і дэкаратыўныя пано з выявамі дрэваў і птушак.
Мастацтва вышыўкі мае шматвекавую гісторыю. На тэрыторыі нашай краіны найбольш старажытныя ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках тканін (захаваліся пераважна шаўковыя), на скураным абутку, на футаралах, кашальках (XII — XIII ст.) — вырабах рамеснікаў з Полацка, Менска, Турава, Давыд-Гарадка, Пінска, Слуцка, Гародні. Вырабы расшывалі каляровымі ваўнянымі, зрэдку шаўковымі ніткамі з характэрным арнаментам у выглядзе пляцёнкі, спіралепадобных завіткоў, канцэнтрычных кругоў, сэрцападобных фігур і інш.
Пра вышыўку перыяду феадалізму сведчаць разнастайныя пісьмовыя крыніцы, што адлюстроўваюць распаўсюджанне вышываных рэчаў сярод пэўных слаёў насельніцтва (у тым ліку і сярод сялянства), адзначаюць перавагу вышыўкі ў параўнанні з іншымі спосабамі арнаментацыі тканін, прыводзяць звесткі пра пераемнасць традыцый мінулага. З узмацненнем сувязі з горадам і ўплыву гарадской культуры патрыярхальны быт сельскага насельніцтва хутка разбураўся, што адбілася на традыцыйным адзенні, спосабах і характары арнаментацыі народных тканін. Напрыканцы XIX — пач. XX ст. вышыўка, як і раней, бытавала пераважна ў форме хатняй вытворчасці для патрэб сям'і, што абумовіла яе глыбокую самабытнасць і ўстойлівасць старажытных мясцовых традыцый.
У другой палове XIX — пачатку XX ст. вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка — развітым і папулярным відам народнага мастацтва. Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, узорным ткацтвам, былі абавязковым атрыбутам традыцыйных абрадаў сямейнага і каляндарнага цыклаў. У той ці іншай ступені тэхнікай вышыўкі валодала кожная жанчына, пагатоў што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні з ткацтвам) спосабам аздаблення і арнаментацыі тканін. Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў адным з неабходных заняткаў жанчыны (асабліва дзяўчыны-нявесты), хоць і з пэўнымі узроставымі абмежаваннямі. Жанчына ў замужжы прысвячала рукадзеллю не так шмат увагі — перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу. Вышыванне было заняткам дзяўчыны ў той перыяд яе жыцця, калі ўсе намаганні і думкі скіроўваліся на вясельны куфар, на тое, каб назапасіць патрэбную колькасць рытуальных прадметаў, як след падрыхтавацца да сямейнага жыцця. Прыкладна з 12-15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх навыкаў. Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі.
Іншы раз вышыўку выконвалі талакой. У перадвясельны час талаку з бліжэйшых сваячак і сябровак збірала нявеста, каб своечасова падрыхтаваць неабходныя абрадавыя рэчы. Усёй грамадой аздаблялі вышыўкай і ручнік-абыдзённік, вытканы групай жанчын за адну ноч ці дзень для абароны сваёй вёскі ад пошасці, эпідэміі, засухі, градабою.
Вышыўку на ручніку для пахавальнага арнаменту дазвалялася рабіць толькі старым жанчынам, бо лічылася, што яе моц можа забраць маладую дзяўчыну на той свет.
Кожная вышыўка, як на ручніку, посцілцы, так і на адзенні мела свой сакральны сэнс. Уся вышыўка на народным аддзенні заўжды нешта сімвалізуе, узор залежыць ад таго, каму належыць гэтая вопратка і ў якіх выпадках яна апранаецца.
Тэхніка выканання народнай вышыўкі даволі разнастайная. Большасць швоў ужывалася выключна для ўпрыгожвання асновы. Існавала група традыцыйных дэкаратыўных швоў, злучальных і краявых (абкіданне) швоў. На Палессі і Падняпроўі здаўна выкарыстоўвалі розныя віды зборак (маршчэнне). У залежнасці ад тэхнікі выканання вылучаюць 2 групы швоў: верхашвы (па суцэльнай тканіне) і скразныя (для якіх выцягваецца пэўная колькасць нітак асновы і ўтку). Верхашвы падзяляюцца на лікавыя (выконваюцца па ліку нітак тканіны) і адвольныя (па контуры). Сярод лікавых швоў асобнае месца займае набор (нацяг, завалаканне, процяг і інш.); пашыраны таксама швы крыжыкам, пляцёнка, сцябліністы, розныя віды процягу (гладзі) (адна-, двухбаковы і інш.), роспіс. Традыцыйныя верхашвы выконваліся чырвонымі, чырвонымі з нязначным дадаткам сініх (з канца XIX ст. чорных) нітак. Адвольныя швы — процяг (просты, рэдкі), аплікацыя, выбіванне і інш. — найчасцей выкарыстоўвалі для стварэння паліхромных стылізавана-раслінных узораў. Строчка — вышыўка па разрэджанай тканіне (сакаленне, гафт) сустракаецца пераважна ў форме вузкіх мярэжак, якімі ўпрыгожвалі кашулі, фартухі, наміткі, ручнікі і інш.
В) КАВАЛЬСТВА
КАВАЛЬСТВА – вытворчасць вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-ўжытковага прызначэння з жалеза шляхам яго гарачага ці халоднага кавання. На тэрыторыі Беларусі вядомае з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі дзідаў, нажы, долаты, конскую збрую, упрыгожанні і інш. Пашырылася ў XI – XIII стст. З жалеза выкоўвалі рэчы гаспадарчага і побытавага прызначэння: сякеры, долаты, нажы, нажніцы, цвікі, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы, свярдзёлкі, зубілы, шпоры, дзіды і інш. Кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі, якія валодалі таксама загартоўкай, цэментацыяй, зваркай.
У XVI ст. узніклі першыя кавальскія цэхі (Слуцк, Полацк, Магілёў, Віцебск і інш.), якія аб'ядноўваліся з іншымі (у асноўным – з слясарнымі) ці выдзяляліся ў самастойныя. Статуты кавальскіх цэхаў рэгламентавалі характар працы кавалёў: акоўванне транспартных сродкаў, падкоўванне коней, выраб сякераў, крукоў, шлемаў, якараў, ланцугоў, кратаў, а таксама розных рэчаў мастацкага характару. Асаблівага развіцця кавальства дасягнула ў XVII – XVIII стст. У Віцебску, Полацку, Мінску, Магілёве, Пінску, Гродне працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцяў: нажоўшчыкаў, мечнікаў, замочнікаў, кацельшчыкаў і інш. Пераважная большасць гарадскіх майстроў вырабляла агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. Многія беларускія майстры працавалі ў Маскоўскай дзяржаве.
У XIX ст. з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала, адначасова ўзрастала яго роля ў вёсцы, дзе яно задавальняла ў асноўным побытавыя і гаспадарчыя патрэбы навакольнага насельніцтва. Для працы будавалі асобнае памяшканне – кузню, у якой былі горан і неабходныя кавальскія інструменты. Жалеза выкарыстоўвалася у выглядзе заводскага фасоннага пракату (шыннае, падкоўнае і інш.) ці рознага жалезнага лому. У асноўным рабілася акоўка транспартных сродкаў (калёсаў, брычак, вазкоў, саней) і выраб металічных дэталяў да іх, падкоўванне коней, выраб сельскагаспадарчага інвентару (сярпы, сашнікі, матыкі, драпашкі), слясарнага і сталярнага інструменту (сякеры, свярдзёлкі, долаты, скоблі, стругі), прыладаў хатняга ўжытку (секачы, бязмены, крэсівы, качэргі, вілкі, багры), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завесы, клямкі, замкі, крукі, зашчэпкі, краты) і інш.Для выкоўвання патрэбнага вырабу жалезную загатоўку дачырвана награвалі ў горне (для надання металу пластычнасці) і, паклаўшы на кавадла, ударамі малатка выкоўвалі з яе патрэбную форму. У залежнасці ад прызначэння вырабаў іх тэрмічна апрацоўвалі – цэментавалі (насычалі паверхневы слой вугляродам, што надавала вырабам – павышаны гарт – цвёрдасць і трываласць), загартоўвалі (награвалі і хутка ахалоджвалі ў вадзе для надання цвёрдасці, пругкасці) і адпускалі (награвалі і паступова ахалоджвалі, што змякчала дзеянне загартоўкі, змяншала крохкасць і павышала пластычнасць). Асноўным спосабам нераздымнага злучэння загатовак ці асобных частак у адзінае цэлае (напрыклад, зламанай восі) была кавальская зварка. Яна ўжывалася і для спалучэння жалеза са сталлю (пры вырабе сярпоў, нажоў, сякераў, зубілаў і інш. Для нераздымнага злучэння частак ужывалі таксама кляпанне: у прабітыя ці прасвідраваныя адтуліны ўстаўлялі металічны стрыжань (заклёпку), крыху даўжэйшы за агульную таўшчыню злучаемых частак, яго канцы расклёпвалі, надзейна змацоўваючы дэталі. Злучэнне хамуцікам прымянялася зазвычай пры вырабе рэчаў дэкаратыўна-ўжытковага характару: дзве дэталі (напрыклад, звенні агароджы) у месцы стыкоўкі абкручвалі металічнай скобкай (часам – два-тры разы), якую ўдарамі малатка абціскалі вакол загатовак. Раздымныя злучэнні рабілі з дапамогай шрубаў.
Існавалі іншыя спосабы кавальскай апрацоўкі вырабаў: усадка павелічэнне папярочнага сячэння загатоўкі па ўсёй даўжыні з адначасовым яе скарачэннем (малатком білі па канцы разагрэтай загатоўкі, пастаўленай другім канцом на кавадла); высадка патаўшчэнне пэўнай часткі загатоўкі (выконваецца такім жа чынам, але награваецца не па ўсёй даўжыні, а ў адпаведным месцы); тарсіраванне – скручванне гранёнага стрыжня вакол восі для ўтварэння вінтападобнай загатоўкі; рассяканне загатоўкі зубілам з наступным адгінаннем адгалінаванняў да пэўнай формы і інш. Разнастайнае спалучэнне тэхналагічных прыёмаў дазваляла ствараць не толькі утылітарныя, але і дэкаратыўна-мастацкія вырабы складанай канструкцыі і малюнку. Напрыклад, асноўны від дэкору каваных агароджаў, варотаў, балконаў – спалучэнні S- і С-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў; накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геаметрычных узораў; дробныя каваныя вырабы дэкарыравалі ўзорамі з кропак, ямак, крыжыкаў, зорачак, выбітых адпаведнымі штампамі. У наш час кавальства пачало пашырацца для аздаблення грамадскіх інтэр’ераў, рэстаўрацыі старой забудовы, а таксама для вырабу рыштунку рыцарскіх клубаў.
Г) ганчарства
ГАНЧАРСТВА – вытворчасць ганчарных вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з гліны. Назва паходзіць ад слова «горн» («горан», «гарно»). Зарадзілася ў раннім неаліце, у спецыялізаванае рамяство вылучылася са з'яўленнем ганчарнага круга (на Беларусі ў 10 ст.). Першапачаткова вырабы ляпілі ад рукі з фармовачнай масы без абпальвання. Паступова асноўным кампанентам фармовачнай масы стала гліна, у якую для павелічэння трываласці дадавалі сухую траву, лубяныя валокны, тоўчаныя ракавіны, жарству, пясок.
З 19 ст. фармовачную масу рабілі з аднаго або двух-трох розных гатункаў гліны шляхам працяглай пластычнай апрацоўкі (нагамі, рукамі, доўбняй, таркай, стругам, зрэзкай; глядзіце ў артыкуле Ганчарныя прылады працы). Падрыхтаваную масу дзялілі на невялікія кавалкі, дастатковыя для вырабу адной пасудзіны (камякі, галкі, галушкі, грудачкі, клёцы, сыскі). Фармавалі пасудзіну на нажным або ручным ганчарным крузе. Спосабы фармоўкі: выцісканне (выбіванне), налеп (пераважна кальцавы), выцягванне або спалучэнне спосабаў. Абпальванне ў ганчарным горне (зрэдку ў хатняй печы) складалася з угравання (акурвання, апаркі, падкуркі) і дагонкі (разгонкі).
Для засцерагальна-дэкаратыўнай апрацоўкі выкарыстоўвалі механічны ці хіміка-тэрмічны спосабы, у залежнасці ад чаго кераміка падзялялася на гартаваную, паліваную, чорназадымленую.
У эпоху Кіеўскай Русі асноўнымі цэнтрамі ганчарства былі гарады Полацкай; Тураўскай і Смаленскай зямель, Панямоння. Яго развіццё ў перыяд позняга феадалізму звязана з ажыўленнем эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця, утварэннем рамесніцкіх цэхаў. У 16 — 18 ст. цэхі, у якія ўваходзілі ганчары, існавалі ў Гродне, Стрэшыне, Брэсце, Мінску, Полацку, Камянцы, Капылі, Міры, Шклове, Слуцку, Клецку, Віцебску, Дзісне. Вядомымі цэнтрамі ганчарства былі таксама Крычаў, Копысь, Крэва, Магілёў, Лагойск, Дуброўна і інш.
Выраб глінянага посуду быў пашыраны і ў шматлікіх вёсках. Сведчаннем высокага ўзроўню ганчарства быў вываз керамікі на продаж за межы Беларусі. У 17 ст. беларускія майстры-кафляры былі запрошаны ў Маскоўскую дзяржаву і прымалі ўдзел у аздабленні Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве, надбрамнай царквы Андрэеўскага манастыра, Церамнога палаца і царквы Спаса за Залатой рашоткай у Крамлі і інш.
У перыяд капіталістычных адносін ганчарства развівалася ў дзвюх эканамічных формах — дробна-таварнай (у вёсках было пабочным ад земляробства промыслам і базіравалася на сямейнай працы, а ў гарадах і мястэчках спалучалася з наёмнай) і мануфактурнай (не атрымала значнага пашырэння, майстэрні з падзелам працы існавалі ў Барысаве, Копысі, Мінску). У 19 — пачатку 20 ст. (асабліва на поўначы і ў цэнтральнай паласе Беларусі) існавала шырокая сетка цэнтраў ганчарства. Пераважалі малыя (менш за 10 майстроў) і сярэднія (10 — 30 майстроў), сустракаліся буйныя (больш як 30 майстроў). Вядомыя цэнтры ганчарства таго часу — Бабінавічы, Бабруйск, Барысаў, Благаўка, Віцебск, Глыбокае, Горкі, Дарасіно, Дзісна, Дуброўна, Івянец, Касцюковічы, Копысь, Крычаў, Крэва, Ліцвінавічы, Магілёў, Мінск, Мір, Пагост-Загародскі, Поразава, Ракаў, Ружаны, Сіняўка, Чашнікі, Экімань і інш. Найбольш буйнымі цэнтрамі ганчарства былі Гарадная і Пружаны, у кожным з якіх налічвалася больш за 200 майстроў. У канцы 19 — пачатку 20 ст. ганчарствам на Беларусі займалася каля 4 — 4,5 тыс. чалавек.
Беларускія ганчары поўнасцю забяспечвалі сваімі вырабамі насельніцтва Беларусі. Вясковыя рамеснікі прадавалі або абменьвалі іх на збожжа ў навакольнай мясцовасці; на значна большай адлегласці збывалі свой тавар гарадскія і местачковыя майстры. Многія карысталіся паслугамі гандляроў-перакупшчыкаў, якія вывозілі вырабы і за межы Беларусі (напрыклад, гараднянскую кераміку — у Варшаву, Вільню, Кіеў). З аптовым продажам посуду звязана ганчарная сістэма мер. Некаторыя рамеснікі ў пошуках рынку збыту пераязджалі працаваць у тыя населеныя пункты, дзе не было канкурэнтаў. Так узнікалі новыя, як правіла, часовыя цэнтры ганчарства. Міграцыя майстроў з Віцебска, Івянца, Міра, Ракава, Янавіч і інш. цэнтраў ахоплівала шырокую зону, уключаючы суседнія раёны Літвы і Расіі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі створаны ганчарныя арцелі. Выраб глінянага посуду ў якасці дапаможнага промыслу існаваў у некаторых калгасах. У 1930-я г. саматужная ганчарная вытворчасць прыкметна скарацілася, а ў многіх месцах зусім спынілася. У Заходняй Беларусі ў перадваенны перыяд шмат ганчароў займаліся промыслам індывідуальна. У Гродне, Дзісне, Жалудку, Івянцы, Ракаве і інш. працавалі майстэрні, у якіх выкарыстоўвалася наёмная праца.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў БССР былі адноўлены старыя і адкрыты новыя ганчарныя арцелі, якія ў 1960 г. пераўтвораны ў дзяржаўныя прадпрыемствы.
У наш час ганчарная вытворчасць у традыцыйнай форме захавалася ў в.Гарадная (Столінскі р-н), г.Дрыбін, Новае Вільянова (Шклоўскі р-н), г.п.Поразава (Свіслацкі р-н), Ружаны (Пружанскі р-н), г.Браславе і інш.

Приложенные файлы

  • docx 26527572
    Размер файла: 65 kB Загрузок: 1

Добавить комментарий